База знаний студента. Реферат, курсовая, контрольная, диплом на заказ

курсовые,контрольные,дипломы,рефераты

Аналіз поглядаў прадстаўнікоў розных грамадска-палітычных плыняў Беларусі ў канцы ХVІІІ - першай палове ХІХ стагоддзяў — История

ЗМЕСТ

Уводзіны

1. Грамадска-палітычны рух у Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 г. Праекты аднаўлення ВкЛ

2. Узнікненне і дзейнасць тайных таварыстваў на тэрыторыі Беларусі. Віленская асацыяцыя. Палітычныя і прававыя погляды масонаў

3. Дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Ліберальныя ідэі Міхаіла Баброўскага, Яна і Анджэя Снядзецкіх. Фарміраванне патрыятычнага накірунку ў гістарычнай навуке (І. Даніловіч, Ю. Ярашэвіч, Т. Нарбут)

4. Стварэнне і дзейнасць тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Палітычныя і прававыя погляды іх арганізатараў і кіраўнікоў Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігнація Дамейкі

5. Ідэі культурна-нацыянальнага адраджэння ў літаратуры першай паловы ХІХ ст. Ян Баршчэўскі, Аляксандр Рыпінскі, Уладзіслаў Сыракомля

6. Беларусь у палітычных планах дзекабрыстаў

7. Палітычныя ідэалы паўстанцаў 1830-1831 гг. М.К. Валовіч і Лялевель

Заключэнне

Спіс выкарыстаных крыніц


Уводзіны

Вывучэнне палітычнай и прававой думкі Беларусі мае не толькі навукова-пазнавальнае, але і вялікае выхаваўчае значэнне. Яно фарміруе ў людзей уяўленне аб высокім тэарэтычным узроўні нацыянальнага мыслення, што ў сваю чаргу садзейнічае развіццю і ўзмацненню гонару за беларускі народ, які стварыў адпаведныя лепшым узорам сусветнай культуры духоўныя скарбы, за багатую гістарычную спадчыну, за славутых продкаў Айчыны. Гэтыя абставіны і прадумовілі актуальнасць дадзенай работы.

Мэтамі работы з'яўляюцца вывычэнне асноўных тэндэнцый развіцця палітычнай і прававой думкі Беларусі ў канцы ХVІІІ - першай палове ХІХ стагоддзяў, аналіз поглядаў прадстаўнікоў розных грамадска-палітычных плыняў гэтага перыяду.

Зыходзячы з пастаўленых мэтаў, задачамі работы з'яўляюцца:

- аналіз грамадска-палітычнага руху на Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 г.;

- характарыстыка дзейнасці масонаў у Беларусі;

- вывучэнне поглядаў навукоўцаў (выкладчыкаў і студентаў) Віленскага ўніверсітэта - прадстаўнікоў ліберальнай плыні;

- аналіз ідэй нацыянальна-культурнага адраджэння ў літаратуры першай паловы ХІХ стагоддзя;

- вывучэнне палітычных планаў дзекабрыстаў наконт вырашэння ў іх нацыянальнага пытання Беларусі;

- аналіз поглядаў Лялевеля і Валовіча як удзельнікаў паўстання 1830-1831 года.

У рабоце былі выкарыстана вучэбная і спецыяльная юрыдычная і гістарычная літаратура, у тым ліку працы такіх аўтараў, як І.У. Вішнеўская, А. Грыцкевіч, І.І. Коўкель, В.Ф. Шалькевіч і інш.


1. Грамадска-палітычны рух у Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812

г. Праекты аднаўлення ВкЛ

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларуская і літоўская шляхта ў сваёй большасці не магла змірыцца з інкарпарацыяй краіны ў склад Расійскай Імперыі. Пачынаючы з паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, стаў афармляцца вызваленчы рух, галоўнай мэтаю якога было адраджэнне Польшчы ў межах 1772 г.

Асабліва актывізавалася змаганне польскіх патрыётаў за дасягненне сваіх мэтаў падчас напалеонаўскіх войнаў. Тым больш, што і сам Напалеон з 1805 г. неаднаразова выказваўся адносна неабходнасці аднаўлення Рэчы Паспалітай., умела гуляючы на патрыятычных пачуццях палякаў. У 1807 годзе Банапарт стварыў Герцагства Варшаўскае.

Адпаведную палітыку праводзіў і Аляксандр І у адносінах да арыстакратыі і шляхты далучаных губерняў. Праекты адраджэння Рэчы Паспалітай абмяркоўваліся ім з Адамам Чартарыйскім у 1804, 1806, 1809 і 1811 гг.[1,с.121]. Рускі імператар заявіў аб жаданні аднавіць Польшчу, даць ёй ліберальную Канстытуцыю. Новая дзяржава павінна быць дынастычна звязана з Расіяй. Згодна з праектамі беларускія землі не ўваходзілі ў адноўленую Польшчу.

У 1811 г. вядомы дзяржаўны дзеяч і кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі (1765-1833), выяўляючы настроі пэўных колаў шляхты, падаў Аляксандру І праект утварэння на беларускіх і ўкраінскіх землях Вялікага княства Літоўскага са сталіцай у Вільні ў складзе Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губерняў[7,с.183]. Яно павінна было ўваходзіць у склад Расійскай імперыі на правах аўтаноміі. Кіраванне даручалася імперскаму намесніку. Непасрэдным органам кіравання ў краі прадугледжвалася Літоўская канцылярыя пад кіраўніцтвам аднаго з дзяржаўных міністраў. Аднак імператар адхіліў гэты праект.

Пасля пачатку вайны 1812 года для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі Напалеон абвясціў аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага ў межах Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерняў і Беластоцкай вобласці. 28 чэрвеня 1812 г. у сувязі з абвяшчэннем ВкЛ Варшаўскі сейм аб'явіў сябе Генеральнай Канфедэрацыяй Польшчы і заклікаў насельніцтва Літвы, Беларусі і Украіны далучыцца да канфедэрацыі.

1 ліпеня 1812 г. па загаду Напалеона ў Вільні быў створаны Часовы ўрад ВкЛ у складзе 7 камітэтаў: харчавання, паліцыі, фінансаў, ваеннага, судовага, унутраных спраў, асветы і рэлігіі. Камітэты ўзначальвалі П. Сапега, І. Тышкевіч, А. Хадкевіч, А. Паце і інш. Старшынёй ўрада першапачаткова быў прызначаны мясцовы памешчык С. Солтан, а з 27 жніўня - ваенны генерал-губернатар Літвы граф Гогендорн [2, с. 70]. Функцыю кантролю з французкага боку выконваў імператарскі камісар пры ўрадзе Л.Г. Біньён.

Пасля заканчэння вайны 1812 г. у складзе Расійскай імперыі згодна з падпісанымі пагадненнямі апынулася Польскае каралеўства на правах аўтаноміі. Пытанне аб аднаўленні ВкЛ больш не разглядалася. Каб потым не аднавілася Рэч Паспалітая, аўтаномія Беларусі і Літвы не была патрэбна расійскаму імператару. Аляксандр І казаў, што рускія дваране ніколі не дапусцяць, каб Літва, Валынь, Падолія ізноў адышлі да Польшчы.

У заканчэнне гэтага пытання неабходна аднак адзначыць, што мары і планы аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага яшчэ не аднойчы будуць узнікаць у прадстаўнікоў розных слаёў грамадства на тэрыторыі Беларусі - шляхты, навукоўцаў, інтэлігенцыі.

2. Узнікненне і дзейнасць тайных таварыстваў на тэрыторыі Беларусі.

Віленская асацыяцыя. Палітычныя і прававыя погляды масонаў

У канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. галоўнай арганізацыйнай формай рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі былі тайныя і паўлегальныя таварыствы. У еўрапейскіх краінах у гэтыя часы масавы характар набыло стварэнне разнастайных таварыстваў - навуковых, палітычных і інш. Шмат хто з даследчыкаў у гэтым бачыць не толькі модны павеў, але таксама ўплыў найбольш магутнай у той час напаўлегальнай арганізацыі, якой з'яўлялася масонства.

Віленская асацыяцыя (1796 - 1797 г.) была адным з першых вядомых з канца 18 стагоддзя тайных антыўрадавых згуртаванняў. Гэтае таварыства разгарнула шырокую дзейнасць - яе адгалінаванні існавалі ў Ашмянах, Брэсце, Кобрыне, Мінску. Асноўнай мэтай асацыяцыі з'яўлялася аднаўленне ранейшай дзяржавы на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Вялікія спадзяванні Віленская асацыяцыя ўскладала на дапамогу Францыі. Членамі таварыства быў складзены ''Акт паўстання'', але здзейсніць выступленне яны не паспелі - у 1797 г. арганізацыю раскрылі ўлады [3, с. 66].

На Беларусі масонства пранікла ў канцы 18 ст. як залежнае ад расійскага і польскага. У 1774 г. маёр расійскай арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу ''Талія'', у Магілёве ўзніклі ложы ''Да трох арлоў'' (1770) і ''Геркулес у калысцы''(1776 г.). У 1781 г. у Вільні існавалі ложы ''Дасканалае адзінства'', ''Руплівы літвін'', ''Добры пастыр'', ''Храм мудрасці'' і ''Дасканалая вернасць'' [11, с.91]. У час паўстання 1794 г. дзейнасць гэтых лож прыпынілася і пачала аднаўляцца ў 1801 г. У 1813 г. аднавіла дзейнасць ложа ''Руплівы літвін'' пад кіраўніцтвам прафесара Віленскага ўніверсітэта М.Мяноўскага. Яна налічвала 24 чалавекі. У 1818 г. аднавіла дзейнасць ложа ''Добры пастыр'' пад новай назвай ''Да храма мудрасці''. У тым жа годзе была заснавана ''школа Сакрата'' (майстар - Я. Ходзька). Віленскае масонства ўзначальваў Савет, сакратаром якога быў прафесар Віленскага ўніверсітэта І. Страйноўскі. Усяго на Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. налічвалася каля 500 масонаў.

Што датычыцца поглядаў масонаў, то паводле масонскай інтэрпретацыі сэнс жыцця кожнага чалавека заключаецца ў пабудове (шляхам пераадолення ўплыву знешніх абставін і канфліктаў) унутранага царства дабрыні, справядлівасці і роўнасці. Ідэаламі масонаў выступалі таксама ''старанае практыкаванне ў страху Божым, варожасць да згубнай сістэмы ўяўнай роўнасці і вольнасці''. Масонскія ложы рабілі і пэўныя практычныя захады, вялі актыўную дабрачынную дзейасць, дапамагалі фінансавымі сродкамі пагарэльцам, хворым, школьнікам. У 1817 г. на дваранскім сходзе ў Вільні масоны ўзнялі пытанне пра вызваленне сялян ад прыгоннага права. Майстар ложы ''Руплівы літвін'' Шымкевіч заснаваў новую ложу - ''Руплівы літвін рэфармаваны''. У ёй было шмат прафесараў Віленскага ўніверсітэта. У 1818 г. члены гэтай ложы паспрабавалі змяніць масонскі статус і прысвяціць сябе адкрытаму служэнню грамадству. ''Першым абавязкам ложы, - гаварылася ў новым статуце, - з'яўляецца дапамога насельніцтву шляхам навучання бедных рамёствам, удасканалення тэхнікі, выкаранення прычын галечы і заганаў, развіцця прамысловасці''[2,с.111].

Масоны мелі значны ўплыў на дзейнасць іншых тайных арганізацый. Шымкевіч быў першым старшынёй таварыства ''шубраўцаў''. Маладзёжныя аюб'яднанні філаматаў, філарэтаў, прамяністых сваёй структурай нагадвалі масонскія ложы, а іх заснавальнік Томаш Зан вясною 1821 г. быў прыняты ў віленскую масонскую ложу ''Школа Сакрата''.

У 1821 г. спецыяльным загадам цара ўсе масонскія ложы Расійскай імперыі былі забаронены.

Такім чынам, дзейнасць масонскіх лож у Беларусі спрыяла з'яўленню тайных студэнцкіх таварыстваў, фарміраванню поглядаў іх членаў.

3. Дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага ўніверсітэта.

Ліберальныя ідэі Міхаіла Баброўскага, Яна і Анджэя Снядзецкіх.

Фарміраванне патрыятычнага накірунку ў гістарычнай навуке (І.

Даніловіч, Ю. Ярашэвіч, Т. Нарбут)

З канца ХVІІІ - пачатку ХІХ стст. у Беларусі пачалі распаўсюджвацца ідэі лібералізму. Асноўным асяродкам лібералізму на беларускіх землях стаў Віленскі універсітэт і іншыя навучальныя ўстановы, якія ўваходзілі ў Віленскую навучальную акругу. У 1801 годзе ў Віленскім універсітэце вучылася 256 студэнтаў, у тым ліку са шляхты 167 чалавек, мяшчан 79 чалавек, разначынцаў 10 чалавек.

Вялікую ролю ў фарміраванні ў выкладчыцкім і студэнцкім асяроддзі асветніцкіх і ліберальных традыцый аказваў рэктар універсітэта (з 1807 па 1815 гг.) выдатны матэматык, астраном, філосаф, псіхолаг Ян Снядэцкі (1756 - 1830). У выхаванні сапраўдных патрыётаў і грамадзян ён вялікую ролю адводзіў мастацкаму слову. Па тэарэтычных праблемах мастацкай літаратуры Ян Снядэцкі напісаў такія спецыяльныя працы, як ''Пра літаратуру'', ''Пра творы класіцызму і рамантызму'' і інш. Як прыхільнік ліберальных ідэй Я. Снядэцкі выступаў за вызваленне навукі і адукацыі ад празмернай апекі дзяржавы. Галоўнай мэтай грамадскай адукацыі і выхавання рэктар Віленскага універсітэта бачыў падрыхтоўку студэнтаў да дзяржаўнай службы і ўвогуле накіроўванне іх ведаў і ўмення на ''карысць народную''.

Па Я. Снядэцкаму, трэба імкнуцца да стварэння такой сістэмы адукацыі, якая б не перашкаджала ''нікому рухацца далей наперад у сваёй адукацыі, а наадварот, дапамагала б'' [7, с.181].

Для дзейнасці Я. Снядэцкага ў якасці рэктара быў характэрны клопат аб падрыхтоўцы навукоўцаў з мясцовай молодзі. Традыцыя фарміраваць уласныя кадры, пачатая ў час рэктарства Снядэцкага, існавала да закрыцця універсітэта ў 1832 г.

Значную ролю ў развіцці ліберальнай думкі адыграў брат Я. Снядэцкага Анджэй Снядэцкі (1768-1838), які быў прафесарам хіміі і медыцыны Віленскага універсітэта. А. Снядэцкі ў прыродазнаўстве быў прыхільнікам навуковага матэрыялізму, але ў адносінах да грамадства яго погляды можна лічыць ідэалістычнымі, бо ўсе сацыяльныя супярэчнасці і катаклізмы ён звязваў з неадукаванасцю грамадства, адзіным выйсцем бачыў усеагульную народную асвету.

Вучоным былі зроблены вельмі цікавыя высновы з аналізу стану сучаснага яму феадальнага грамадства. Галоўнымі фактарамі фарміравання асобы ён лічыў не прыродныя з'явы, а сацыяльныя ўмовы жыцця. Незалежна ад таго, у якіх кліматычных умовах жывуць прадстаўнікі пануючых класаў, вобраз іх паўсядзённага жыцця - гулянкі, пышнасць, тэатр, любоўныя інтрыгі - вядуць да развязнасці, самалюбства, уладалюбства і іншых хвароб шляхецкага саслоўя. Жыццё чалавека працы ў феадальным грамадстве - грамадстве прыгнёту і рабства таксама не з'яўляецца фактарам фарміравання гарманічнай асобы. Праца прыгоннага селяніна становіцца асноўнай крыніцай пазбаўлення чалавека жыццёвых сіл, цяжкіх захворванняў яго арганізма. Спачуваючы простаму народу, А.Снядэцкі не прапаноўваў радыкальных рэвалюцыйных мер змянення яго становішча.

У 20-х гадах ХІХ ст. сярод выкладчыкаў Віленскага універсітэта беларускага паходжання шырацца намаганні выявіць і сістэматызаваць помнікі старажытнай пісьменнасці, выспявае думка аб узнаўленні і літаратурнай творчасці на беларускай мове. Сярод навукоўцаў гэтай плеяды асобае месца займае Міхаіл Баброўскі (1784-1848). У 1812 годзе Баброўскі скончыў духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Яшчэ юнаком ён зацікавіўся старажытнымі славянскімі рукапісамі і ўсё сваё жыццё прысвяціў даследаванню гісторыі славянскага кнігадрукавання, збору матэрыялаў пра дзейнасць Ф. Скарыны, І. Фёдарава, П. Мсціслаўца.

Ён нанава адкрыў для беларускай і еўрапейскай навукі імя і працы Скарыны, звесткі пра якога даследчык выклаў у кнізе ''Гісторыя славянскіх друкарняў у Літве'', якая не была надрукавана. Вучоны лічыў, што значэнне Скарыны для нацыянальнай культуры і ўвогуле станаўлення нацыянальнай свядомасці беларусаў у тым, што яшчэ на досвітку Адраджэння ён абвясціў беларускую мову і беларускі народ цалкам раўнапраўным сярод іншых еўрапейскіх народаў і моў. Працы Баброўскага, яго навуковая і педагагічная дзейнасць садзейнічалі станаўленню сусветнага славяназнаўства і ўзнікнення асобага накірунку ў гуманітарных навуках - беларусазнаўства.

У 20-30 гады ХІХ ст. навукоўцы, звязаныя з Віленскім універсітэтам, падрыхтавалі працы па гісторыі дзяржавы і права Беларусі перыяду ВкЛ, у якіх абазначаліся прынцыпова новы ў параўнанні з польскай гісторыяграфіяй погляд на гістарычную спадчыну беларускага народа.

Значны ўплыў на фарміраванне гістарычнай свядомасці беларускай студэнцкай моладзі зрабілі працы і выкладчыцкая дзейнасць аднаго з буйнейшых спецыялістаў па гісторыі права Беларусі і Літвы - Ігната Мікалаевіча Даніловіча (1787-1843).

І. Даніловіч з 1814 года выкладаў мясцовае права ў Віленскім універсітэце. У 1814 г. ён быў прызначаны ў склад прафесійнай камісіі, якая была створана для перакладу на рускую мову Статута ВкЛ 1588 г. З гэтага часу асноўным яго заняткам стаў пошук крыніц па гісторыі права ВкЛ.

У сваіх працах і лекцыях Даніловіч праводзіў думку аб тым, што права ВкЛ грунтавалася на старажытным славянскім праве. Ён падкрэсліваў усебаковую распрацаванасць права ВкЛ, марыў вярнуць да жыцця мову статутаў, падтрымліваў ідэю аб адзінстве славянскага права. Ім быў падрыхтаваны ''Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства'', які выйшаў у свет у 1857 г.

Навуковая заслуга Даніловіча з'яўляецца ў тым, што ён выявіў і апублікаваў шэраг выключна важных помнікаў права. Вучоны быў упэўнены, што ''ўдзячнасць гісторыі ў сто разоў больш заслугоўвае той, хто выдае ў свет старыя акты і летапісы, а не той, хто складае гісторыю па гатовых кнігах''[1, с.123].

Сучаснікам і аднадумцам Даніловіча быў Юзаф Ярашэвіч (1793 - 1860). У 1815 г. ён скончыў Віленскі універсітэт, а з 1826 па 1831 г. працаваў у ім прафесарам права. Галоўнай праблемай яго навуковых інтарэсаў была гісторыя дзяржавы і права ўсходніх славян, у асаблівасці беларусаў і ўкраінцаў. Асноўныя даследаванні Ю. Ярашэвіча - ''Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян'', ''Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі''. Гісторык і правазнаўца марыў аб адраджэнні незалежнага Вялікага княства Літоўскага.

Ідэйна блізкі да Даніловіча і Ярашэвіча быў іх сучаснік, ваенны інжынер Тэадор Нарбут (1784-1864). У 1812 годзе ён пачаў займацца даследаваннем гісторым Вялікага княства Літоўскага. Ён напісаў і апублікаваў ''Старажытную гісторыю літоўскага народа'' у 9 тамах, у якой асвятляліся гістарычныя падзеі да 1569 г. Час ВкЛ, асабліва перыяд ХVІ ст., Нарбут лічыў ''залатым стагоддзем беларускай гісторыі'' [1, с.124]. Ён адмоўна ставіўся да палітыкі польскіх феадалаў у адносінах да ВкЛ.

Такім чынам, заслугай Даніловіча, Ярашэвіча, Нарбута з'яўляецца тое, што яны сабралі і высветлілі цэлы шэраг фактаў дзяржаўна-прававой гісторыі Беларусі, паклалі пачатак фарміравання новага, патрыятычнага кірунку ў гісторыяграфіі дзяржавы і права Беларусі, імкнуліся даказаць неабгрунтаванасць польскай канцэпцыі гісторыі ВкЛ як часткі польскай гісторыі.

4. Стварэнне і дзейнасць тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Палітычныя і прававыя погляды іх арганізатараў і кіраўнікоў Тамаша

Зана, Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігнація Дамейкі

Педагагічная і выхаваўчая дзейнасць выдатных прафесараў Віленскага універсітэта садзейнічала стварэнню ў яго сценах тайных студэнцкіх таварыстваў ліберальнага накірунку, якія аб'ядноўвалі моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы.

Да зараджэння першых праяў беларускага (ліцвінскага) руху прама ці ўкосна мелі дачыненне тайныя гурткі і таварыствы, якія дзейнічалі ў 1817-1823 гг. у Віленскім універсітэце. Першымі з такіх таварыстваў былі філаматы (аматары навук). Ля вытокаў арганізацыі стаялі студэнты універсітэта - выхадцы з Беларусі - Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ігнацій Дамейка, Ян Чачот.

Дзейнасць арганізацыі філаматаў, як і філарэтаў (аматараў дабрачыннасці), ''Прамяністых'' і іншых арганізацый, якія выйшлі з-пад яе крыла, была прасякнута ''ідэяй дзвюх мэтаў''. З аднаго боку, яны імкнуцца да самаўдасканалення як навуковага, так і маральнага. Бачачы ў адукацыі і маральным удасканаленні галоўнае выратаванне чалавечага грамадства ўвогуле і ліцвінскага у прыватнасці, яны распаўсюджвалі адукацыю ў сялянскім асяроддзі, знаёмілі простага чалавека з літаратурай, мастацтвам, рамёствамі. Выхаванне і навучанне, на іх думку, павінна было садзейнічаць палітычнаму ўдасканаленню грамадства, далучэнню да барацьбы супраць дэспатызму і нацыянальнага ўціску шырокага кола жыхароў Беларусі.

З другога боку, члены тайных таварыстваў марылі аб скасаванні прыгонніцтва, звяржэнні самаўладдзя, увядзенні канстытуцыйнай формы кіравання, зацвярджэння ў краіне прынцыпу вяршэнства закона. ''Сёння - права сілы, а заўтра - сіла права'', - пісаў А. Міцкевіч у 1820 г. у ''Песні філарэтаў'' [1, с.127].

Разам з тым філарэты падкрэслівалі ролю гуманістычнай маралі як рэгулятара грамадскіх адносін. У артыкуле Яна Чачота ''Пра будучае прызначэнне таварыства філаматаў'' гаварылася, што сапраўдны грамадзянін ''паводзіць сябе не толькі згодна ўстаноўленым грамадскім законам, але і згодна законам сумлення, маралі і рэлігіі… Грамадскае шчасце залежыць як ад добрых грамадзян, так і ад добрага ўрада''.

Погляды філаматаў і філарэтаў добра характарызуюць іх праграмы, сачыненні, вершы, рэфераты, з якімі яны выступаюць на сваіх пасяджэннях. Ян Чачот, акрэсліваючы задачы таварыства, пісаў, што ''яно павінна ўсё рабіць для шчасця і вызвалення Айчыны … пры дапамозе асветы і згуртавання суайчыннікаў''.

У сачыненнях філаматаў адчуваецца апазіцыйнасць да расійскага ўрада. ''Наш вораг - рускі ўрад, - упэўніваў аднадумцаў Тамаш Зан, - а маскалі, якія сумленна мысляць, нават гатовы дапамагчы нам заваяваць сваю незалежнасць. Рускія не менш за нас пакутуюць ад дэспатызму''[1,с.128].

Філаматы свае намаганні марылі накіраваць на адраджэнне Рэчы Паспалітай, у якой Вялікае княства Літоўскае будзе мець аўтаномны статус. Барацьбу павінна ўзначаліць выключна шляхта.

Адчуваючы сваю генетычную сувязь з беларускім народам, філаматы дасканала вывучалі гісторыю краю, асабліва часоў ВкЛ, даследавалі беларускі фальклор, вераванні і звычаі народа.

У заключэнне гэтага пытання неабходна адзначыць, што дзейнасць тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў была выкрыта царызмам у 1823-1824 гг., яны былі забаронены, а многія з іх удельнікаў апынуліся пад следствам.

5. Ідэі культурна-нацыянальнага адраджэння ў літаратуры першай

паловы ХІХ ст. Ян Баршчэўскі, Аляксандр Рыпінскі, Уладзіслаў

Сыракомля

У першай палове ХІХ ст. назіраецца паварот беларускай шляхты і інтэлігенцыі да ''сялянскай'' культуры. З цікавасці да багатага беларускага фальклору ў аматараў роднага слова ўзнікла імкненне паспрабаваць уласныя сілы ў літаратурнай творчасці на беларускай мове.

Адной з карэнных праблем беларускай літаратуры стала праблема нацыянальнай самабытнасці, народнасці. Паклаўшы ў сваю аснову народны беларускі фальклор, беларуская літаратура сцвярджала ''неўміручасць народа'', яго мудрасць, таленавітасць, жыццярадаснасць, дасціпнасць [1, с.129].

З фалькларыстыкай была звязана творчасць беларускага шляхціча, удзельніка паўстання 1830-1831 гг. Аляксандра Рыпінскага (1811-1896). Ён выдаў у эміграцыі ў Парыжы кнігу ''Беларусь. Некалькі слоў аб паэзіі простага люду гэтай нашай польскай правінцыі, аб яго музыцы, спевах, танцах і г.д.'' У 1853 г. Рыпінскі выдае ў Лондане беларускую баладу ''Нячысцік''. У канцы жыцця Рыпінскі займаўся напісаннем гісторыі беларускай літаратуры, дапамагаў маладым беларускім літаратарам.

На падставе народных легенд і казак Янам Баршчэўскім (1790-1851) была створана ''беларуская Адысея'' - чатырохтомны польскамоўны зборнік ''Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях''. Неацанімую ролю ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў, росту зацікаўленасці іх да духоўнай спадчыны краю адыгралі ананімныя творы ''Энеіда навыварат'' і ''Тарас на Парнасе''. Усе гэтыя творы сведчылі аб высокім выяўленчым патэнцыяле беларускай мовы, магчамасці стварэння на ёй самабытнай мастацкай літаратуры.

Фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў сродкамі новай беларускай літаратуры ішло праз выхаванне ў іх патрыятычных пачуццяў. Усе пісьменнікі-рамантыкі першай паловы ХІХ ст. былі гарачымі патрыётамі бацькаўшчыны. Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч падкрэслівалі сваё ліцвінскае паходжанне, ганарыліся сваёй радзімай, яе гісторыяй, прыродай, народам. Так, Сыракомля меў псеўданім ''Лірнік Літвы''. Уладзіслаў Сыракомля прызнаваўся, што калі б ён ні браўся за аловак, у яго міжволі ''атрымаецца пад рукою або ліцвінская хатка, або вясковы касцёлік, або ліцвінскі дворык'' [1, с.136].

Любоў да радзімы выяўлялася праз гонар яе гісторыяй, славутымі, гераічнымі справамі продкаў. Паэты і пісьменнікі ў сваіх творах папярэджвалі чытачоў, што пад кожнаю пяддзю роднай зямлі ляжыць святы прах далёкіх продкаў, што сваім жыццём яны плацілі за волю Радзімы, за яе будучыню.

Такім чынам, намаганнямі літаратуры першай паловы ХІХ ст. паступова пачынаецца культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі, якое праяўляецца праз вяртанне да гістарычна-культурных традыцый беларускага народа, фарміраванне этнічнай свядомасці народных мас, паступовай кансалідацыі беларускай нацыі.


6. Беларусь у палітычных планах дзекабрыстаў

Беларусь у розны час наведвалі выдатныя прадстаўнікі дзекабрысцкага руху, якія мелі тут сувязь з перадавымі людзьмі. Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў 1820 г. у Беларусь з Пецярбурга быў пераведзены гвардзейскі корпус, сярод афіцэраў якога былі члены тайных арганізацый. Разам з вайсковай часцю тут знаходзіўся М. Мураўёў, кіраўнік «Паўночнага таварыства». У час знаходжання ў Мінску ў 1821 г. ён напісаў першы варыянт капстытуцыі, які вядомы ў гісторыі як «мінскі варыянт». Працяглы час (1820—1821 гг.) у Полацку, Бешанковічах і Мінску жыў А. Бястужаў. Дзекабрыст I. Гарбачэўскі, член таварыства «Злучаных славян», юнаком жыў у Вііцебску[10, с.223].

Зразумела, што сярод рэвалюцыйна настроенага дваранства і інтэлігенцыі Беларусі гэтыя людзі мелі аднадумцаў. Дзекабрысты ўважліва сачылі за развіццём польскага нацыянальна-вызваленчага руху і спрабавалі наладзіць сувязь з яго кіраўнікамі, імкнучыся злучыць рускі і польскі вызваленчы рух для агульнага ўдару па царызму. Летам 1821 г. у Польшчы аформілася тайнае «Патрыятычнае таварыства», якое ўзначаліў вядомы рэвалюцыйны дзеяч Валяр'ян Лукасінскі. Левае крыло таварыства імкнулася не толькі да барацьбы за нацыянальную незалежнасць Польшчы, але і да ажыццяўлення некаторых сацыяльных рэформаў, канстытуцыйнага кіравання, ліквідацыі феадальна-прыгонніцкага ладу. Буйныя памешчыкі, якіх была большасць у правінцыяльных саветах таварыства, згаджаліся на саюз з дзекабрыстамі толькі пры ўмове, калі Польшчы будуць вернуты беларускія і польскія землі, што ўваходзілі раней у склад Рэчы Паспалітай. Гэта вымусіла П. Песцеля пайсці на некаторыя ўступкі ў пытанні адносна граніц Расіі і Польшчы, у прыватнасці згадзіцца на перадачу Польшчы часткі беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель. Супраць гэтага рашуча пярэчылі К. Рылееў і М. Мураўёў, лічачы такое вырашэнне пытання непрымальным. В. Лукасінскі імкнуўся да аб'яднання сіл з рускімі рэвалюцыянерамі для сумесных дзеянняў. Дзеля наладжвання сувязі з дзекабрыстамі ён паслаў у Расію члена «Патрыятычнага таварыства» Крыжаноўскага. Аднак арышт кіраўнікоў «Патрыятычнага таварыства» летам 1822 г. перашкодзіў наладжванню сувязей з дзекабрыстамі.

Што датычыцца непасрэдна месца Беларусі ў палітычных планах дзекабрыстаў, то перш за ўсё неабходна адзначыць, што нацыянальнаму пытанню ў праграмах дзекабрыстаў было ўдзелена менш увагі, чым іншым пытанням.

Кіраўнік ''Паўднёвага таварыства'' П.І. Песцель распрацаваў асноўныя палажэнні грамадскага і дзяржаўнага ладу Расіі ў праграмным дакуменце ''Руская праўда''. Ён быў ворагам федэратыўнага ладу і прыхільнікам адзінай і непадзельнай Расіі. Чацвёрты раздзел ''Рускай праўды'' так і называецца ''Расія ёсць Дзяржава Адзіная і Непадзельная'' [4, с.186]. Расія, па праекту Песцеля, падзялялася на губерні, якія не супадалі з межамі рассялення розных народаў. Фармальна, усе жыхары Расіі мелі аднолькавыя палітычныя правы. 16-ты раздзел ''Рускай праўды'' меў праграмны загаловак ''Усе плямёны павінны злітымі быць у Адзін Народ''.

У адрозненне ад Песцеля Мікіта Міхайлавіч Мураўёў у сваім праекце Канстытуцыі прапанаваў федэратыўны лад Расіі паводле ўзору паўночна-амерыканскіх штатаў Амерыцы. Расійская імперыя падзялялася на федэральныя адзінкі, якія былі названы дзяржавамі. Беларускія землі былі ўключаны ў дзве дзяржавы: Заходнюю са сталіцай у Вільні і Дняпроўскую са сталіцай у Смаленску. Але гэтыя дзяржавы не мелі нацыянальнага характару, а былі тэрытарыяльна-гаспадарчымі адзінкамі накшталт паўночна-амерыканскіх штатаў.

Такім чынам, у сваіх палітычных планах дзекабрысты не бачылі месца Беларусі, і наогул, нацыянальнае пытанне не з'яўлялася асноўным у іх палітычных праграмах. Іх больш займалі сацыяльныя перабудовы грамадства.


7. Палітычныя ідэалы паўстанцаў 1830-1831 гг. М.К. Валовіч і

Лялевель

Палітычныя ідэалы паўстання могуць быць вызначаны на аснове поглядаў прафесара Віленскага універсітэта Іаахіма Лялевеля (1786 - 1861) і Міхаіла Валовіча (1806 -1838).

У час паўстання 1830-1831 гг. Іаахім Лялевель уваходзіў у склад часовага ўрада, з'яўляўся старшынёй ''Патрыятычнага таварыства''. У гэты перыяд вучоны і рэвалюцыянер выказваў шэраг прапаноў адносна ўдасканалення грамадскага жыцця. Ён лічыў, што зямлёй павінны валодаць тыя прадстаўнікі працоўнага насельніцтва, якія заслужылі гэта права самаадданай службай у імя Айчыны, перш за ўсё ўдзельнікі паўстання. Зямля, па яго думцы, з'яўляецца агульным набыткам усіх людзей, і на ёй павінны працаваць толькі тыя, хто умее, гэта значыць, сяляне - землеўласнікі. Мужыкоў-сялян ён лічыў асноўным резервам вызваленчага руху, таму патрабаваў неадкладна скасаваць прыгонную залежнасць і падказваў шляхі вырашэння гэтай праблемы. Адзін з іх Лялевель бачыў у тым, каб сяляне маглі выкупіць зямлю, другі шлях - сялянскае паўстанне, калі рэвалюцыйны ўрад ліквідуе паншчыну і чыншы [1, с.125].

Пасля падаўлення паўстання Лялевель вымушаны быў эміграваць. Царскі ўрад завочна прыгаварыў яго да павешання. У эміграцыі ім была напісана і надрукавана адозва ''Да рускіх братоў'', у якой рэвалюцыянер-асветнік заклікаў перадавую частку расійскага грамадства сумесна з палякамі змагацца з самадзяржаўем. Лялевель лічыцца аўтарам дэвіза ''За нашу і вашу свабоду''.

Выдатны гісторык-рамантык, Лялевель адным з першым загаварыў аб беларускай дзяржаўнасці, паставіўшы сярэдневяковую рэспубліку Полацка побач з Вялікім Ноўгарадам.

М.Валовіч лічыцца раданачальнікам рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку ў нацыянальнай палітычнай думцы. У духоўным развіцці Валовіча вылучаюцца два перыяды. Першы, калі яго светапогляд развіваецца ў рэчышчы шляхецкай рэвалюцыйнасці, ахоплівае гады навучання ў Віленскім універсітэце і працягваецца да ўдзелу ў паўстанні 1830-1831 гг. Другі, калі Валовіч пераходзіць на пазіцыі рэвалюцыйнага дэмакратызма і ўтапічнага сацыялізма, пачынаецца з 1831 г. і да 1838 г.

М.Валовіч належаў да левага дэмакратычнага крыла палітычнай эміграцыі, на чале якой стаялі Лялевель, Ворцаль. Галоўную прычыну паражэння паўстання яны бачылі ў тым, што рух 1830-1831 гг. меў вузкую сацыяльную базу, у той час калі галоўнай сілай у вызваленчым руху павінны былі выступаць шырокія дэмакратычныя масы, і перш за ўсё сялянства.

Грамадска-палітычныя погляды М. Валовіча гэтага перыяду характарызуюцца сацыяльным радыкалізмам і дэмакратызмам. Разглядаючы буйную зямельную ўласнасць як галоўную прычыну галечы і прыгнёту сялянскіх мас, ён выступіў за знішчэнне памешчыцкага землеўладання, за вызваленне сялян, надзяленне іх зямлёй без усялякіх выкупаў. Грамадская ўласнасць на зямлю, на думку М. Валовіча, з'яўляецца неабходным варункам свабоды і роўнасці правоў усіх людзей. Будучы дзяржаўны лад Беларусі і Літвы - дэмакратычная рэспубліка, якая знаходзіцца ў федэральных сувязях з дэмакратычнай Польшчай. Пераход да дэмакратычнага і справядлівага сацыяльнага ладу ажыццяўляецца шляхам дэмакратычнай рэвалюцыі. Апошняя зліваецца з агульнаеўрапейскай, а таксама з сялянскай рэвалюцыяй [7, с. 200].

У заключэнне гэтага пытання трэба адзначыць, што гістарычна-сацыялагічныя погляды І. Лялевеля і дэмакратычна-рэвалюцыйныя погляды М. Валовіча былі асновай фарміравання прагрэсіўнай грамадскай думкі рэвалюцыянераў 30-60 гадоў ХІХ ст., у тым ліку і Кастуся Каліноўскага.


Заключэнне

Такім чынам, праведзеныя даследаванні дазваляюць зрабіць наступныя вывады.

Грамадска-палітычная думка канца ХVІІІ - першай паловы ХІХ стагоддзяў фарміравалася як пад уздзеяннем праблем, актуальных для польскага і расійскага развіцця, так і асэнсоўваючы задачы ўласнага нацыянальнага развіцця і, у першую чаргу, культурна-нацыянальнага адраджэння, кансалідацыі нацыі і аднаўлення страчанай дзяржаўнасці ў той ці іншай форме.

Намаганнямі літаратуры першай паловы ХІХ ст. паступова пачынаецца культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі, якое праяўляецца праз вяртанне да гістарычна-культурных традыцый беларускага народа, фарміраванне этнічнай свядомасці народных мас, паступовай кансалідацыі беларускай нацыі.

У сваіх палітычных планах дзекабрысты не бачылі месца Беларусі, і наогул, нацыянальнае пытанне не з'яўлялася асноўным у іх палітычных праграмах. Іх больш займалі сацыяльныя перабудовы грамадства.

Гістарычна-сацыялагічныя погляды І. Лялевеля і дэмакратычна-рэвалюцыйныя погляды М. Валовіча як удзельнікаў паўстання 1830-1831 гадоў былі асновай фарміравання прагрэсіўнай грамадскай думкі рэвалюцыянераў 30-60 гадоў ХІХ ст., у тым ліку і Кастуся Каліноўскага.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Вішнеўская І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: Дапаможнік для студэнтаў ВНУ. - Мн.: Тэсей, 2004. - 271 с.

2. Гісторыя Беларусі: З 1795 г. да вясны 1917 г.: Вучэбны дапаможнік / Рэд. кал.: І.П. Крэнь, І.І. Коўкель. - Мн.: ''Аверсэв'', 2001. - 400 с.

3. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. ХІХ - ХХ стст.: Курс лекцый / П.І. Брыгадзін, У.Ф. Ладысеў, П.І. Зялінскі і інш. - Мн.: РІВШ БДУ, 2002. - 656 с.

4. Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на ''Вы''. - Мн., 1994. - Вып. 2. - С. 186 - 189.

5. Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне ХІХ ст. - Мн.: Выдавецтва Беларускага ўніверсітэта, 1958. - 367 с.

6. Мысліцелі і асветнікі Беларусі Х - ХІХ стст.: Энцыкл. давед. - Мн.: БелЭН, 1995. - 670 с.

7. Шалькевіч В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. - Мн: Маладзёжнае навуковае супольніцтва, 2002. - 247 с.

8. Швед В. Вялікае княства Літоўскае ў 1812 г. // Беларускі гістарычны часопіс - 2000. - № 3. - С. 9 - 15.

9. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. А - Беліца / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэдактар) і інш - Мн.: БелЭН, 1993. - 494 с.

10. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Гімназіі - Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэдактар) і інш - Мн.: БелЭН, 1996. - 527 с.

11. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. М - Пуд / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэдактар) і інш. - Мн.: БелЭН, 1999. - 592 с.

ЗМЕСТ Уводзіны 1. Грамадска-палітычны рух у Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 г. Праекты аднаўлення ВкЛ 2. Узнікненне і дзейнасць тайных таварыстваў на тэрыторыі Беларусі. Віленская асацыяцыя. Палітычныя і прававыя погляды масон

 

 

 

Внимание! Представленная Контрольная работа находится в открытом доступе в сети Интернет, и уже неоднократно сдавалась, возможно, даже в твоем учебном заведении.
Советуем не рисковать. Узнай, сколько стоит абсолютно уникальная Контрольная работа по твоей теме:

Новости образования и науки

Заказать уникальную работу

Похожие работы:

Александр II: жизненный путь и государственная деятельность
Российское оппозиционное движение декабристов
Происхождение татар
Жизненный и творческий путь Георга Фридриха Генделя
Развитие торговли и ярмарки Сибири (XVII-XIX вв.)
Реформаторская деятельность Петра Великого
Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии
Беларусь в годы первой мировой войны
Войны с Персией и Турцией в I половине XIX века
Образование Директории и ее программные положения

Свои сданные студенческие работы

присылайте нам на e-mail

Client@Stud-Baza.ru