База знаний студента. Реферат, курсовая, контрольная, диплом на заказ

курсовые,контрольные,дипломы,рефераты

Сацыяльна-эканамічнае жыцце Беларусі у канцы ХIХ ст. — История

Сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі ў канцы ХIХ ст.

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад паўночна-заходняга рэгіёну Расійскай імперыі. Згодна адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу 1802 года, Беларусь была ў складзе пяці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай.

3 1772 па 1856 гг. Віцебская і Магілёўская губерні знаходзіліся ў складзе Беларускага генерал-губернатарства; Віленская, Мінская і Гродзенская з 1794 па 1912 гг. - у складзе Віленскага генерал-губернатарства. У час польскага нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гг. Мінская губерня да 1834 г. атрымала статус генерал-губернатарства.

Тэрыторыя Беларусі ў пачатку ХІХ ст. складала каля 207 тыс. кв.км. Па фізічнаму саставу землi былі пераважна гліністыя або пясчаныя ці супясчаныя, месцамі камяністыя, якія патрабавалі стараннай апрацоўкі і добрага ўгнаення. Не выпадкова вядомы рускі эканаміст сярэдзіны XIX ст. Л.В. Тэнгаборскі па якасці глебы адносіў Віленскую і Віцебскую губерні да раёна з "пасрэднай" глебай, а Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую да "часткова пладароднай". Значная частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта вялікімі лясамі, шматлікімі азёрамі і балотамі. У прыватнасці, у Мінскай і Віленскай губернях лясы складалі 40-45% ад агульнай тэрыторыі. І толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях апрацаваныя землі складалі адпаведна 41,6 і 39,0%. На ўсёй астатняй тэрыторыі яны займалі, як правіла, крыху больш 1/3 ад усёй плошчы Беларусі.

Насельніцтва Беларусі у пачатку XIX ст. налічвала 3,3 млн. чалавек. Большую яго частку складалі беларусы. Выключэннем была Віленская губерня, у якой пераважала літоўскае насельніцтва - 48% ад агульнай колькасці насельніцтва губерні, а беларусы складалi 20% і жылi пераважна у Віленскім, Дзісненскім і Свянцянскім паветах. Жылі на тэрыторыі беларускіх губерняў таксама рускія, украiнцы, латышы, палякі, татары і яўрэі.

Саслоўная структура насельніцтва Беларусі, у сваю чаргу, падзялiла саслоў'i на прывілеяваныя і падатковыя. Вышэйшым прывілеяваным саслоў'ем было дваранства, якое налічвала трохі менш за 100 тыс. чалавек мужчынскага полу і падзялялася на радавое і асабістае. Асаблівасцю дваранскага саслоў'я Беларусі была перавага "сапраўднага" (радавога) дваранства і нізкая ўдзельная вага асабістага (служылагага) дваранства, што тлумачыцца адсутнасцю ў былой Рэчы Паспалітай падараванняў "высокароднасці" за службу, як гэта практыкавалася ў Расіі па пятроўскім табелі аб рангах. Другой асаблівасцю дваранскага саслоў'я Беларусі была пераважная наяўнасць дробнапамеснага і безпамеснага дваранства.

Канфесіянальная прыналежнасць дваранства размяркоўвалася наступным чынам: католікі складалі каля 87%, праваслаўныя - 6%, пратэстанты - 0,7%, мусульмане - 0,9%. Па свайму нацыянальнаму складу вышэйшае саслоў'е беларускіх губерняў у асноўным складалася з палякаў і беларусаў - 95%. Рускае і ўкраінскае дваране складалі не больш за 2% ад агульнай колькасці. Каля 2% дваран былі татарамі, менш 1% - нямецкага і французскага паходжання.

Другім прывілеяваным саслоў'ем з'яўлялася духавенства. Сярод яго пераважную большасць складала хрысціянскае духавенства. Яно было прадстаўлена праваслаўным, уніяцкім (да 1839 г.), рымска-каталіцкім і пратэстанцкім напрамкамі. Праваслаўнае і уніяцкае духавенства складалася з двух катэгорый: чорнага (манаства) і белага (прыходскага). Унутры уніяцкага духавенства з сярэдзіны ХVIII ст. ішла ўпартая барацьба, якая была выклікана лацінізацыяй уніі і непадпарадкаваннем базіліян уніяцкай іерархіі. Акрамя хрысціянскага духавенства існавала іўдзейскае і мусульманскае.

Сярод прывілеяванага насельніцтва Беларусі патрэбна таксама выдзеліць адносна нешматлікую групу славутых гараджан (радавых і асабістых), якая была створана ў Расіі ў 1832 г. У разрад радавых паважаных гараджан пападалі купцы першай гільдыі, вучоныя, мастакі, дзеці асабістых дваран і дзеці духавенства, якія мелі адукацыйны цэнз. Паважаныя гараджане мелі шэраг прывілеяў: яны пазбаўляліся рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і iншых дзяржаўных павіннасцяў.

У першай палове XIX ст. у Беларусі больш як у два разы павялічылася купецкае саслоў'е, якое складалася з трох гільдый, у залежнасці ад сумы абвешчанага капіталу. Пераважная большасць беларускага купецтва належыла да ІІІ гільдыі. Агульная колькасць усіх трох гільдый у 1861 г. складала каля 7 000 чалавек. Купецтва вызвалялася ад падушнага падатку і цялесных пакаранняў, а купцы І-II-й гільдый - і ад рэкрутчыны. Саслоўны статус купца поўнасцю залежыў ад яго маёмаснага стану: ў выпадку банкруцтва і разарэння купец выпадаў са свайго саслоў'я.

Асноўную масу падатковых саслоў'яў і ўсяго насельніцтва Беларусі складалі сяляне. Па даных Х рэвізіі з 4 410 849 жыхароў 2 381 513 былі прыгоннымі і складалі 53,5% (І859 г.) ад усёй колькасці жыхароў. Прыгонныя сяляне падзяляліся на дзве асноўныя групы - памешчыцкія і дзяржаўныя. Пераважную большасць прыгонных складалі памешчыцкія сяляне - 2 369 050 мужчын і жанчын. Памешчыцкія сяляне падзяляліся на дзве групы: паселеных сялян і дваровых. Паселеныя сяляне атрымалі ў карыстанне зямельны надзел, які юрыдычна належыў памешчыку і займаліся сельскай гаспадаркай. Дваровыя былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці і абслугоўвалі памешчыка і яго сядзібу.

Значную частку сялян Беларусі складалі агароднікі, якія былі пазбаўлены ворнай зямлі і мелі толькі сядзібу з агародам. Да большасцi прыгонных аднасiлiся бабылі або кутнікі - беззямельныя і бяздомныя сяляне, якія здымалі куток у цяглавых сялян і наймаліся да іх батракамі.

Дзяржаўныя сяляне Беларусі ўтварыліся з розных катэгорый сельскага насельніцтва Рэчы Паспалітай і былі прадстаўлены рознымі групамі: ленныя (І8 098), паезуіцкія (40 021), сяляне розных тыпаў арэндных маёнткаў (2 207). Больш блізкія былі да іх па свайму становішчу "панцырныя баяры" (3 420), велікарускія стараабрадцы (12 000), вольныя людзі і інш.

Прыгонныя сяляне знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад сваіх уладальнікаў, якія адвольна назначалі віды і памеры феадальных павіннасцяў. Памешчык меў правы без чаргі здаваць у рэкруты непажаданага яму селяніна, мог адняць у прыгонных увесь іх скарб, падвергнуць цялесным пакаранням. Сяляне Беларусі былі прыгнечаны цяжкімі павіннасцямі, якія падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Да галоўных адносіліся баршчына ці аброк, а таксама згоны (гвалты). Акрамя гэтага сяляне былі абкладзены i дадатковымi павіннасцямi: шарваркі (будаўнічыя работы), вартаўніцтва (начны дазор) і падводная павіннасць. Усё гэта яны выконвалі за прадастаўленне ім права лавіць рыбу, займацца ляснымі промысламі, здабычай вапны і г. д. Па патрабаванню памешчыка сяляне прыносілі ўсялякія "даніны" ягадамі, грыбамі, мёдам, пражай, палатном і інш.

У сувязі з развіццём прадпрымальніцтва памешчыкаў эксплуатацыя сялянства прыняла яшчэ больш цяжкія формы. Нароўнi з палявымi работамi на барскай ворыўнай зямлі прыгонныя вымушаны былi яшчэ працаваць ад цямна да цямна на мануфактурах памешчыкаў. Звычайна сяляне нават не ведалі сумы сваіх заробкаў, бо з імі не праводзілі разлікаў.

Становішча дзяржаўных сялян было крыху лепшае за памещыцкiх. Яны належылі казне і афіцыйна называліся "свабоднымі сялянскімі абывацелямі". У адрозненне ад сялян унутраных расійскіх губерняў, якія знаходзіліся на "аброчным становішчы", беларускія дзяржаўныя сяляне засталіся на "гаспадарчым становішчы". Яно заключалася ў тым, што казённыя маёнткі ў асноўным здаваліся ў арэнду, часцей на кароткі тэрмін памешчыкам з ліку мясцовых землеўладальнікаў ці буйным чыноўнікам.

Як правіла, сяляне адбывалі баршчыну. Часовыя арандатары і ўладальнікі падвяргалі сялян эксплуатацыі больш вытанчанай, чым памешчыцкіх. “. Уменне прыгнятаць сялян работамі абярнулася на Беларусі ў найтанчэйшае жудаснае для чалавецтва мастацтва," - адзначалася ў ананімнай запісцы, якая была дадана да матэрыялаў рэвізіі 1836-І840 гг. з нагоды становішча дзяржаўных сялян.

Другім падатковым саслоў’ем былі мяшчане - асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. Аднак не ўсе мяшчане жылі ў горадзе. Звычайна заможныя сяляне, якія сталі вольнымі і перайшлі ў саслоўе мяшчан,"прыпісваліся" да таго ці іншага горада, але працягвалі жыць у сваёй весцы, дзе ў іх была наладжана прадпрымальніцкая справа.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі афіцыйна афармляецца асобая непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва - разначынцы, г. зн. выхадцы з "розных чыноў і званняў". Гэта была асабіста свабодная, служылая катэгорыя насельніцтва, болей ці меней аднародная па характару сваіх заняткаў, па свайму становішчу ў грамадстве, у тым ліку і прававому. Як правіла, разначынец - нязначны чыноўнік, настаўнік гімназіі, дзеяч навукі, літаратуры і мастацтва. У першую чаргу разначынцамі з'яўляліся адукаваныя інтэлігенты, выхадцы з сялянства, мяшчанства, купецтва, духавенства, збяднелага дваранства. Агульны іх лік і ўдзельная вага сярод насельніцтва Беларусі не вызначаны.

У канцы XVIII ст. і ў першых дзесяцігоддзях ХІХ ст. у дзяржавах, у якіх ужо адбыліся буржуазныя рэвалюцыі, назіраўся хуткі эканамічны і сацыяльны прагрэс. У Францыі разгарнуўся прамысловы пераварот, а ў Англіі ён ужо завяршыўся.

На пачатку другога дзесяцігоддзя ХІХ ст. каля паловы насельніцтва гэтых краін працавала ў прамысловасці і гандлі. Больш адсталыя еўрапейскія дзяржавы ўсё мацней адчувалі ціск на сваю эканоміку з боку перадавых капіталістычных краін.

Расія, нягледзячы на свае гаспадарчыя поспехі ў першай чвэрці ХІХ ст., значна адставала ад еўрапейскіх дзяржаў, у якіх феадальны парадак быў ужо скасаваны. Новыя капіталістычныя формы эканамічнага жыцця ў прыгонніцкай Расіі праяўляліся ўсё больш яскрава, але працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін ішоў марудна. У пачатку стагоддзя большасць насельніцтва Расіі існавала за кошт сельскагаспадарчай працы. Сельская гаспадарка па-ранейшаму заставалася вядучай галіной яе эканомікі.

Беларусь у першай палове ХІХ ст. з'яўлялася выключна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі. Яе сельская гаспадарка мела ў целым экстэнсіўны характар. У ёй пераважала трохпольная сістэма: ярына - азімыя - папар, а дзе-нідзе яшчэ захавалася аблогавае карыстанне зямлёй.

Нярэдкай з'явай у прыгонніцкай вёсцы былi неўраджаі і голад. Напрыклад, у Віцебскай губерні з 1814 г. по 1826 г. на працягу дванаццаці гадоў запар трымаліся "поўныя неўраджаі", а затым з 1847 г. неўраджайныя гады паўтараліся зноў. У Гродзенскай губерні 1845, 1853, 1854 і 1855 гг. характарызуюцца "поўнымі неўраджаямі". Трэба адзначыць, што і ў астатніх губернях Беларусі ўраджайныя гады былі вельмі рэдкай з'явай.

Частыя неўраджаі, характэрныя для беларускіх губерняў і выкліканы імі рост недаімак у прыгонніцкай вёсцы, былі прычынай сур'ёзнай заклапочанасці і трывогі з боку ўрадавага акружэння. Аднак усе прымаемыя ўладамі меры былі недастаткова эфектыўнымі.

Нізкая ўраджайнасць была непазбежным спадарожнікам прыгонніцкай сістэмы з яе прымітыўнай тэхнікай земляробства і невысокай прадукцыйнасцю прыгонніцкай працы, боль таго, у першай палове XIX ст. яна набыла нават некаторую стабiльнасць. Па даных губернатарскіх справаздач падлічана, што ў Беларусі з 1801 па 1861 гг. ураджайнасць па ярыне і азімых у сярэднім не перавышала: у Магілеўскай губерні - 2,5 чвэрці збору на кожную чвэрць пасеву, у Мінскай - 3, у Гродзенскай - 3,5, у той час як па ўнутраных губернях Расійскай імперыі ўраджайнасць у сярэднім складала не менш за 3,6 чвэрці збору на кожную чвэрць пасеву. Сiстэма прыгонніцкіх адносін ператварылася ў моцны тормаз для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі. Гэта разумелі і прадстаўнікі ўлады. Магілёўскі губернатар у справаздачы за 1859 г. падкрэсліваў, што "галоўная, асноўная прычына нездавальняючага стану сельскай гаспадаркі заключаецца ў існаванні да гэтага часу прыгонніцкіх адносін, пры якіх сяляне не маюць магчымасці распараджацца сваёй работай і, не маючы ніякіх праў уласнасці на зямлю, неахвотна выкарыстоўвалі сваю працу па апрацоўкі палёў". Мінскі губернатар у справаздачы за 1859 г. таксама адзначаў: "Прыгонніцкая залежнасць земляробства перашкаджае новаму ўдасканаленню".

Адной з прычын нізкай ураджайнасці была прымітыўная тэхніка земляробства. У першай палове ХІХ ст. асноўнымі сельскагаспадарчымі прыладамі па-ранейшаму заставаліся саха (драўляная бярозавая палка з двума жалезнымі разцамі, якую цягнулі два валы або адзін конь) і драўляная барана, якая складалася з двух драўляных дуг, да якіх тонкай лазой прымацоўваліся два дубовыя вострыя зубы. Праўда, часам на цвёрдых глебах выкарыстоўваліся жалезныя бароны. У Віцебскай жа губерні барану замяняў "смык", які быў зроблены з елкі. Пры ўборцы збожжа па-ранейшаму выкарыстоўваліся сярпы.

З-за недахопу жывёлы ў сялян іх палеткi дрэнна ўдабраліся, што таксама ўплывала на нізкую ўраджайнасць. Асабліва дрэнна былі забяспечаны жывёлай сяляне Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Так, па колькасці коней Гродзенская губерня была на опошнім месцы - 9 коней на 100 жыхароў.

Сярод сельскагаспадарчых культур, якія апрацоўваліся, перажавалі так званыя "шэрыя" хлябы: жыта, ячмень. З 40-х гадоў ХІХ ст. пасшыраюцца пасевы бульбы, якая з агародняй культуры становіцца палявой. Хутка бульба стала другім хлебам для сялян і важнай тэхнічнай сыравінай для пераапрацоўчай прамысловасці, галоўным чынам для вінакурнай. На поўдні Магілёўскай губерні істотна павялічыліся пасевы цукровых буракоў, якія ішлі на цукровыя заводы і вінакурэнне.

Вайна 1812 г. прывяла народную гаспадарку Беларусі ў стан сур'ёзнага заняпаду. Велізарныя рэквізыцыі і разбурэнні пры адступленні войскаў спусташалі сельскае насельніцтва. Сяляне страцілі амаль усю жывёлу і коней. Значна скарацілася плошча пасеваў. У справаздачы за 1831 г. беларускi генерал-губернатар вымушаны быў прызнаць, што ў выніку вайны 1812 г. Віцебская і Магілёўская губерні "працягвалі знаходзіцца ў канчатковым заняпадзе" і належаць да "самых бедных у дзяржаве". Асабліва цяжкімі былі неўраджайныя 1820-1822 гг. Голад прывёў да скарачэння насельніцтва Беларусі. На працягу наступных дзесяцігоддзяў смяротнасць на Беларусі перавышала нараджальнасць. Пры параўнанні дадзеных VIII і X рэвізій выявiлася, што з 1833 па 1857 гг. у пяці Беларускіх губернях прыгоннае насельніцтва скарацілася больш як на 76 тыс. рэвізскіх душ, або на 6,2 працэнта.

Прыгонная сельская гаспадарка як памешчыцкая, так і сялянская, на працягу другой чвэрці ХІХ ст. паступова губляла спецыфічныя для яе рысы. Трапляючы ў сферу ўплыву рынка, сельская гаспадарка набывала таварны характар.

Адной з прычын росту таварнасці сельскай гаспадаркі з'яўлялася наяўнасць значнай колькасці "спажывецкага" насельніцтва. Так, на Беларусі ў 1835 г. налічвалася болей 275 тыс. чалавек гарадскога і местачковага насельніцтва, якое займалася пераважна рамяством, гадлем, прадпрымальніцтвам і наймалася на розныя работы. Сярод "спажывецкай" часткi насельніцтва неабходна таксама ўлічваць значную колькасць адыходнікаў.

Росту таварнасці сельскай гаспадаркі садзейнічала павялічэнне вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў у прамысловыя губерні Расіі і за мяжу. Развіццю таварна-грашовых адносін спрыялi разгалінаваныя сістэмы рэк, якiя звязвалi Беларусь з гарадамі Расіі, Украіны і Польшчы, а праз балтыйскія порты з краінамі Заходняй Еўропы.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі пачалася спецыялізацыя асобных рэгіёнаў. У прыватнасці, у Віцебскай губерні штогод выраблялася да 500 тыс. пудоў ільновалакна. Лён засяваўся і ў іншых губернях Беларусі, але ў меншых памерах. У Магілёўскай губерні вырошчвалiся каноплi. У Мінскай губерні шырокае распаўсюджванне атрымалі пасевы бульбы, якая потым пераганялася ў спірт. Па вытворчасці спірту з бульбы Мінская губерня займала першае месца сярод усіх губерняу Расійскай імперыі. У паўднёвых раёнах Магілёўскай і Мінскай губерняў з канца 30-х гадоў некаторыя памешчыкі сталі істотна пашыраць вытворчасць цукровых буракоў, пераапрацоўваючы іх на сваіх цукровых заводах.

З другой чвэрці ХІХ ст. у сельскай гаспадарцы Гродзенскай губерні шырокае развiццё атрымала танкарунная авечкагадоўля. У губернатарскіх справаздачах за 40-50 гг. падкрэслівалася, што ў губерні "воўна складае вельмі значную крыніцу даходу і прадаецца часткова для ўжывання на мясцовыя фабрыкі, а часткова - ў Варшаве". У канцы 30-40 гг. у Гродзенскай губерні выраблялася штогод да 40-50 тыс. пудоў высакаякаснай танкаруннай воўны.

У першай палове ХІХ ст. жывёлагадоўля на Беларусі, за выключэннем танкаруннай авечкагадоўлі, яшчэ не набыла таварнага характару. Крупная жывёла разводзілася галоўным чынам для атрымання ўгнаенняў. Толькі некаторыя з памешчыкаў спрабавалі прыстасаваць жывёлагадоўлю да патрэб рынку: адкормліваць жывёлу на мяса, вырабляць на продаж масла і сыр. Удзельная вага прадпрымальніцкага земляробства на працягу першай паловы ХІХ ст. была нязначнай. Рост прадукцыйнасцi сельскагаспадарчай вытворчасці на Беларусі стрымліваўся ў першую чаргу ўплывам прыгоннага права, празмернае ўздзеянне якога прыводзiла да нiзкага ўзроуню сельскагаспадарчай вытворчасцi.

Асновай прыгонніцкай гаспадаркі Беларусі з'яўлялася феадальная ўласнасць на зямлю. Памешчыкі манапольна валодалі амаль усёй ворнай зямельнай плошчай. Напрыклад, у Мінскай губерні, дзе колькасць памешчыкаў складала толькі 0,2% ад агульнай колькасці жыхароў, ім належала 85% агульнай прасторы зямлі; у Гродзенскай - 58,5%, у Віленскай - 69,5%.

Беларусь была раёнам буйнога памешчыцкага землеўладання. Па даных Х рэвізіі ў Беларусі 9 404 памешчыкам належала 1 152 411 рэвізскіх душ, гэта значыць сялян мужчынскага полу. Па колькасці прыналежных ім прыгонных сялян усiх памешчыкаў Беларусi можна падзяліць на некалькі груп: безмаёнткавыя - 332 чал., у якіх было 868 рэвізскіх душ (да 100 прыгонных); дробнамаёнткавыя - 6 557, якія мелі 188 921 прыгонных; сярэднемаёнткавыя - 2 117, якія валодалі 448 791 (да 500 прыгонных) рэвізійскіх душ; буйнамаёнткавыя - 398 чал., мелі 509 000 прыгонных (больш за 500 прыгонных).

Такім чынам, 398 буйных памешчыкаў (4,2% ад агульнай колькасці) мелі ва ўласнасці 44,4% усіх прыгонных. З іх 149 найбольш буйных памешчыкаў Беларусі (1,5 % ад iх агульнай колькасцi), у кожнога з якiх было больш за 1000 рэвiзскiх душ, з'яўляліся ўладальнікамі больш як 339,5 тыс. сялян, што складала 29,4% ад колькасці ўсіх прыгонных. Сярод іх найбольш уплывовымі былі магнаты Вітгенштэйны, Радзівілы, Румянцавы.

Самая вялікая колькасць буйных латыфундый была ў Магілёўскай губерні, а самая меншая - у Віленскай. У Магілёўскай губерні знаходзілася і найбольшая колькасць (142) безмаёнткавых памешчыкау, што складала каля 50% усіх дваран гэтай катэгорыі.

На працягу першай паловы ХІХ ст. у памешчыцкай гаспадарцы Беларусі адбываліся змены, якія сведчылі пра разлажэнне феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Памешчыцкая гаспадарка паступова ператваралася ў гаспадарку, якая працавала для рынку. Галоўнымі прадметамі вывазу з Беларусі былі - лён, ільняны алей, пянька, воск, лес, каноплi, скура і інш. З 20-х гадоў ХІХ ст. пашыраецца вываз збожжа.

Значнае павілічэнне экспарту беларускага збожжа адзначаецца ў 40-х і асабліва 50-х гадах ХІХ ст. Так, у Гродзенскай губерні ў гэты час у сярэднім штогод паступала ў продаж да 250 тыс. чвэрцей хлеба на суму каля аднаго мільёна рублёў. Толькі ў Данцынг і Кёнігсберг губерня вывозіла штогод ад 150 да 175 тыс. чвэрцей жыта, жытняй мукі, проса і іншага зерня. У Віленскай губерні ў сярэднім кожны год паступала ў продаж да 346 тыс. чвэрцей хлеба на суму 1,4 млн. руб. Значная частка хлеба, якая прадавалася на ўнутраным рынку, выкарыстоўвалася вінакурэннем.

Галоўным пастаўшчыком таварнага збожжа былі памешчыкі. Але і сяляне, якім патрэбны былі грошы для выплаты дзяржаўных падаткаў і набыцця розных прадметаў, таксама прадавалі частку свайго хлеба.

Росту таварнай вытворчасці спрыяла выгадная рыначная кан'юнктура - высокія цэны на хлеб у 1840-1850-х гг. Цэны на збожжавыя прадукты ў Беларусі і Літве, як правіла, былi больш высокімі, чым у іншых раёнах імперыі, з-за частых неўраджаяў і павышанага попыту на збожжа для памешчыцкага вінакурства. Напрыклад, у Гродзенскай губерні чвэрць жыта ў 1843 г. каштавала 2 руб.8 кап., у 1846 г. - 5 руб.70 кап., а ў 1856 г. - 10 руб.

Развіццё таварна-грашовых адносін падштурхоўвала памешчыкаў прыстасаваць сваю гаспадарку да патрэб унутранага і знешняга рынкаў, павысіць даходнасць маёнткаў. Гэта імкненне ажыццяўлялася двума шляхамі: ажыццяуленнем некаторых рацыяналізатарскіх мерапрыемстваў у сваёй гаспадарцы і шляхам узмацнення прыгонніцкай эксплуатацыі сялян.

Для ўдасканалення памешчыцкай гаспадаркі ў 1826 г. было арганізавана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства. Таварыства прызначала ўзнагароды за "… увядзенне новай сістэмы гаспадаркі…, за вынаходніцтва і ўдасканаленне спосабаў, якія вялі б да паляпшэння ўсіх галін гаспадаркі ў Беларусі - земляробства, жывёлагадоўлі, рукадзелля і сельскай прамысловасці". Члены таварыства павінны былі ў сваіх гаспадарках выпрабоўваць новыя сельскагаспадарчыя прылады, ствараць узорныя фермы, прымяняць мінеральныя ўгнаенні дзеля павышэння ўрадлівасці глебы. Спачатку гэта рэкамендавалася для Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1848 г. у маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні быў адкрыты адзін з першых ў Еўропе земляробчы інстытут.

Частка памешчыкаў пачынае ўводзіць у сваіх маёнтках лепшае насенне, новыя сарты збожжавых культур, пашыраць пасевы льну і бульбы. Гродзенскі губернатар у справаздачы за 1859 г. паведамляў, што ў большай частцы маёнткаў "працягваюць весці гаспадарку старымі метадамі, але ў некаторых маёнтках ужо ўводзяцца сучасныя метады" - пачынаюць сеяць кармавыя травы і выкарыстоўваць земляробчыя машыны.

У Магілёўскай губерні граф Румянцаў, напрыклад, праводзіў вопыты па пасеву розных сартоў бульбы. У Мінскай і Магілёўскай губернях ужываліся ўдасканаленыя малатарні, арфы. У Гродзенскай губерні ў 50-х гадах ХІХ ст. з'явіліся жнейкі і адносна шырока выкарыстоўваліся ручныя і конныя арфы і саломарэзкі. Сельскагаспадарчыя машыны, як правіла, прывозіліся з-за мяжы. Але цікава, што ў Беларусі таксама з'яўляюцца вынаходнікі сельскагаспадарчых машын. Так, гаспадар маёнтка Дастоева Пінскага павета Мінскай губерні Якушык прыдумаў і пусціў у продаж параконную малатарню, трох і чатырохконную жнейку, машыну для капання рвоў і распілоўкі дошак, а таксама такую саху, якая, са слоў вынаходніка, "арэ за чатыры сахі, нягледзячы на тое, што запрэжана параю коней або быкоў".

Аднак у першай палове ХІХ ст. некаторыя памешчыкі ўжо прымянялі і наёмную працу батракоў. Памешчык Магілёўскай губерні Дзярабін расказваў графу Румянцаву, што дзесяць рабочых замяняюць трыццаць прыгонных сялян і каштуюць на 88 руб. танней. Выгаду вольнанаёмнай працы разумелі многія памешчыкі, але выкарыстоўвалі яе адзінкі.

У мэтах павышэння прыбыткаў памешчыкі пачынаюць займацца прадпрымальнiцтвам. Яны адкрываюць у сваіх маёнтках прыгонніцкія мануфактуры: лесапільныя заводы, вінакурні. У пачатку ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 5 215 вінакурняў, што складала 20% ад іх агульнай колькасці ў Расіі. Амаль у кожным маёнтку была свая вінакурня. Шырокае распаўсюджванне вінакурэння тлумачылася тым, што Беларусь і Літва карысталіся правам прапінацыі, г. зн. правам свабоднай вытворчасці і продажу гарэлкі. Вінакурства давала памешчыкам шэраг выгад. Па-першае, перагонка значнай колькасці збожжа падтрымлівала на высокім узроўні рыначны попыт на збожжа. Па-другое, адходы ад вінакурэння ішлі на корм жывёле, што спрыяла развіццю жывёлагадоўлі. Натуральна, вінакурэнне прыносіла вялікія грашовыя прыбыткі памешчыкам.

Рост суконных мануфактур выклікаў попыт на воўну. Памешчыкі разводзілі спецыяльную пароду авечак-мерыносаў, шэрсць з якіх цалкам прызначалася на продаж. У 1860 г. у Гродзенскай губерні налічвалася 240 тыс. мерыносаў, з якіх здымалі да 68 тыс. пудоў воўны для суконных фабрык.

Між тым развіццё прадпрымальніцтва мела абмежаваны характар. Намаганні памешчыкаў павялічыць прыбытковасць маёнткаў суправаджалiся пашырэннем панскай ворнай зямлі за кошт скарачэння сялянскіх надзелаў. Памешчыцкая зямля падзялялася на ўласна панскую і на сялянскую, якую сяляне атрымлівалі ў карыстанне. Суадносіны часта мяняліся. Паказальны ў гэтых адносінах Гомельскі маёнтак графа І. Паскевіча-Эрыванскага. За 20 годоу (з 1814 па 1834 гг.) панская ворная зямля павялічылася амаль у два разы, сенажаць памешчыка ўзрасла амаль у тры разы. У сялянскім землекарыстанні павялічылася колькасць зямель, ворная зямля і сенажаць засталіся амаль без змен. З улікам павялічэння сельскага насельніцтва ў маёнтках у 1834 г. на кожную рэвізскую душу прыходзілася 3 дзесяціны зямлі (у 1814 - 3,76).

Паміж барскім і сялянскім заворваннем не было дакладна ўстаноўленых меж, зямля была раскідана церазпалосна. На працягу доўгага часу захоўвалася сумеснае карыстанне зямельнымі ўгодзямі, сенажацямі. Распаўсюджаны быў пашавы сэрвітут, калі сяляне пускалі сваю жывёлу на палі памешчыка пасля ўборкі ўраджаю.

Памешчыкі імкнуліся да пашырэння свайго заворвання, таму часта пазбаўлялі сялян магчымасці карыстацца зямельнымі надзеламі. Напярэдадні рэформы 1861 г. у Беларусі налічвалася 68 717 беззямельных сялян-агароднікаў, батракоў і бабылёў.

Вялікую колькасць беззямельных сялян складалi так званыя "месячнікі" ("адзiнарнікі"), якія замест зямельнага надзела атрымлівалі мізэрнае месячнае ўтрыманне за працу на двары памешчыка.

Прыгонныя сяляне Беларусі неслі на карысць памешчыкаў павіннасці ў выглядзе паншчыны або аброку. Сяляне, якія выконвалі паншчыну складалі 92,4% ад агульнай колькасці прыгонных, аброк - 7,6%.

Выдадзены Паўлам І у 1797 г. Маніфест аб трохдзённай паншчыне на тэрыторыі Беларусі па сутнасці не выконваўся. Памешчыкі даводзілі паншчыну да 5-6 дзён у тыдзень. У сялян не заставалася часу для працы ў сваёй гаспадарцы. Дэградацыя сялянскай гаспадаркі адбівалася на агульным стане гаспадаркі краіны. Даўгі памешчыка ўзрасталі і да 1857 г. склалі 39 597 тыс. руб.

Памешчыкі, якія пазаблытваліся ў даўгах, закладвалі свае маёнткі і прыгонных. Амаль ва ўсіх справаздачах губернатараў беларускіх губерняў за 1850-1860 гг. паведамлялася аб павелічэннi колькасці закладзеных і перазакладзеных маёнткаў. Калi у 1857 г. з 1 190 тыс. рэвізскіх душ было закладзена 672 225 (54%), то ў 1858-1858 гг. - 711 450 (59,8%).

Запазычанасць памешчыкаў, адсутнасць у іх капіталаў, нізкая вытворчасць працы, рабілі маруднным пераход гаспадаркі на капіталістычны шлях. Толькі адмена прыгоннага права магла даць прастору для эканамічнага развіцця краiны.

Важнай базай сельскагаспадарчай вытворчасці з'яўлялася сялянская гаспадарка.

Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай (за выключэннем інфлянцкіх паветаў, дзе таксама было падворнае землекарыстанне) і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Фармальна памеры зямельных надзелаў вызначаліся існаваўшымі інвентарамі, неабавязковымi для памешчыкаў.

Размеркаванне надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. У канцы 50-х гадоў сярэдні сялянскі надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны, у Магілёўскай - 7,3 дзесяціны, што з цяжкасцю забяспечвала пражыццёвы мінімум.

У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і часткова Віцебскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (каля 21 га) сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі на двор. Поўныя валочныя гаспадаркі сустракаліся рэдка, у асноўным пераважалі гаспадаркі, якія мелі 3/4 або 1/2 валокі. Пры нізкай ураджайнасці і забалочанасці зямель гэтага надзела ледзь хапала для забеспячэння пражыццёвага мінімуму сялянскай сям'і.

Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай ад 3 да 5 дзесяцін.

Гаспадарка сялян была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася дрэнна, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду з гэтага становiшча частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.

Дзяржаўныя сяляне Віцебскай губерні займаліся вырабам і продажам лёну, які выраблялі не толькі ў асабістых гаспадарках, але і скуплялі ў іншых сялян. На мясцовых рынках прадаваліся і вырабы хатніх промыслаў сялян. На продаж паступалі жывёла-маладняк, сала, аўчына, палатно, бульба, ягады і інш.

Гандлёвыя сувязі сялянскай гаспадаркі з рынкам мелі аднабаковы характар. Сяляне больш прадавалі, чым куплялі. Амаль усе выручаныя грошы шлі на выплату дзяржаўных падаткаў.

У першай палове ХІХ ст. сярод сялян беларускіх губерняў адбывалася маёмаснае расслаенне. У вёсцы з'яўляюцца заможныя сем'і. Па даных П.М. Шпілеўскага, у некаторых сялян Мінскай губерні было па дзесяць і болей коней, кароў, стада авечак і баранаў. Яны выкарыстоўвалі наёмную працу. Частка заможных сялян займалася гандлем, падрадамі, арэндавала млыны, карчмы. Праўда, колькасць такіх сялян была нязначнай. У Мінскай губерні ў 30-40-я гады ў асабістай уласнасці мелі зямлю не болей 50 сялян.

К 40-м гадам працэс разлажэння феадальнай прыгоннай гаспадаркі паглыбіўся, перарос у агульны крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. У Беларускіх губернях крызіс праявіўся ў паніжэнні ўраджайнасці, памяншэнні пагалоўя жывёлы, зніжэнні прыбытку памешчыцкіх маёнткаў, росце недоімак. Урад вымушаны быў прызнаць факт цяжкага эканамічнага становішча беларускіх губерняў, пра гэта сведчыць уласнаручная прыпіска Мікалая І, якая была зроблена ім на дакладзе беларускага генерал-губернатара: "У Камітэт Міністраў з тым, каб усе гг. міністры прачыталі і пераканаліся, у якім страшным становішчы губерні знаходзяцца, што аднымі законнымі мерамі край не толькі не ўзнімецца, але і канчаткова прападзе; патрэбны экстранныя і крутыя меры".

Адным з паказчыкаў нарастаючага крызісу існуючай сістэмы быў сялянскі рух. У 1800 - 1839 гг. у Беларусi зафіксавана (акрамч ўцёкаў) 160 сялянскіх хваляванняў, якімі было ахоплено 147 маёнткаў і звыш 200 паселішчаў.37 выступленняў былі падаўлены ваеннай сілай. У 1840-1860 гг. адбылося (без уцёкаў) 350 хваляванняў: 330 - ў маёнтках і 380 паселішчах. У 32 выпадках для іх спынення выклікаліся войска. Абсалютная большасць хваляванняў (416, або 81,6%) прыпадала на па панскія маёнткі. Паглыбленне антаганізму паміж сялянствам і памешчыкамі было выклікана ўзмацненнем прыгонніцкага ўціску, якое выражалася ў павялічэнні памераў паншчыны і чыншу, захопе сялянскіх надзелаў, гвалтоўным перасяленні сялян на неўрадлівыя землі, пераводзе на вотчынныя фабрікі, жорсткім абыходжанні з імі прыгоннікаў, аканомаў, арандатараў. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей на Беларусі з'яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.

Барацьба сялян супраць прыгнёту вялася ў розных формах: скаргі, "іскі аб вольнасці", адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі, супраціленне вотчыннай паліцыі і войску. Пачасцiлiся выпадкi забойства прыгоннымi cваiх паноў i эканомаў маёнткаў. У 1840 г. былi забiты памешчыкi Магiлёўскай губернi Рымша, Солтан i памешчыкi Вiцебскай губернi Радзевiч, Таргонскi i iнш. Распаўсюджанай формай пратэсту быў пошук сялянамі "вольных зямель". Яны верылі, што ёсць месцы, дзе людзі жывуць вольна. Таму часта сяляне гуртам накіроўваліся на пошукі лепшай долі. У пачатку 40-х гадоў 1 200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі сваё жыллё і накіраваліся на пасяленне ў Херсонскую, Екацярынаслаўскую губерні і Бесарабію. Для вяртання іх на радзіму была паслана ваенная каманда.

У канцы 40-х гадоў сярод сялян Беларусі шырока распаўсюділіся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. У 1847 г. каля 10 000 сялян Віцебскай губерні групамі па 200-300 чалавек накіраваліся на будаўніцтва Мікалаеўскай чыгункі, спадзяючыся, што адпрацаваўшы там 3 гады, яны будуць вызвалены ад прыгоннай залежнасці.

Большая частка хваляванняў у 1847-1848 гг. была звязана з увядзеннем у гэтых губернях iнвентароў. Абурэнне сялян выклiкаў той факт, што замест чакаемай "волi" з`явiлiся iнвентары, якiя пацвярджалi захаванне прыгоннiцтва. Мелi месца выпадкi, калi выступленнi сялян былi звязаны з прапагандыстскай антыўрадавай дзейнасцю рэвалюцыйна настроенай шляхты. Сялянскiя выступленнi сталi асаблiвай пагрозай у сувязi з актывiзацыяй польскага нацыянальнага руху i барацьбой галiцыйскiх сялян за сваю свабоду. Барацьба дзяржаўных i памешчыцкiх сялян за паляпшенне свайго становiшча прымусiлi ўрад змянiць сялянскую палiтыку ў Беларусi і пайсці на адмену прыгону.

Новы, капіталістычны спосаб вытворчасці фарміраваўся перш за ўсё ў прамысловасці. У дарэформеннай Беларусі асноўнымі прадпрыемствамі былі мануфактуры, гаспадарамі якіх былі памешчыкі, што прымушалі працаваць на мануфактурах прыгонных сялян. Акрамя таго, у гарадах і мястэчках мелася шмат розных дробных прадпрыемстваў і майстэрняў, гаспадарамі якіх былі купцы, мяшчане. Прамысловыя вырабы збываліся ў асноўным на мясцовым рынку.

Дакладных звестак пра колькасць вытворчых прадпрыемстваў Беларусі першай паловы XIX ст. няма, бо колькасць іх пастаянна змянялася. Да таго ж, у склад прадпрыемстваў нярэдка пад назвай "фабрык" уключаліся саматужныя майстэрні з двума-трыма рабочымі.

У гэты час з'яўляюцца прадпрыемствы, заснаваныя на вольнай працы. На суконнай мануфактуры Любамірскіх у мястэчку Дуброўна Магілёўскай губерні ў 1814 г. было 261 вольнанаёмны рабочых, на суконнай мануфактуры віцебскага мешчаніна Рубанека - 221. У 50-х гадах XIX ст. значная колькасць вольнанаёмных працавала на цукровых мануфактурах. Але большасць вольнанаёмных былі прыгоннымі, якіх паны на кароткі тэрмін адпускалі на заробкі. Ва ўмовах пануючай у дарэформеннай Беларусі паншчыны кантынгент такіх вольнанаёмных быў вельмі абмежаваным.

Новай з'явай у прамысловым развіцці Беларусі з'явілася выкарыстанне на асобных прадпрыемствах машын і паравых рухавікоў. У 1859 г. на цукровым заводзе князя Паскевіча ў Гомелі дзейнічалі дзве паравыя машыны. На цукровым заводзе памешчыцы Комар працавалі тры паравыя катлы магутнасцю ў 60 конскіх сіл, тры гідраўлічных прэсы для выціскання соку, механічная цёрка. На жалезаапраацоўчым заводзе Бенкендорфа ў сяле Старынцы Чэрыкаўскага павета дзейнічалі адна доменная печ, тры падліўныя печы, паравы молат, свідравальныя і паравыя машыны. Уладальнік Крайчанскай суконнай мануфактуры (Віленскі павет Мінскай губерні) так апісваў сваю мануфактуру: "Фабрыка гэта ўладкавана ва ўсім па прыкладу замежны і не толькі не ўступае, але ёсць у вельмі добрым супраць іх выглядзе. Усе машыны, станкі, лясы і іншыя выпісаны з-эа мяжы, выраб сукон, пачынаючы з валяння, вырабляецца пры вялікай колькасці вады ў рацэ пры дапамозе механізма, якім кіруе кола млына, а пры недастатковасці адной - сілаю пара, якi прыводзіць у рух усе машыны". Гэтая мануфактура грунтавалася на прыгоннай працы.

Колькасць прадпрымальнікаў, якія ўкаранялі машынную тэхніку, было нязначным, бо большая іх колькасць была памешчыкамі. Але ўжо з 30-х гадоў больш паловы прадпрыемстваў у пяці паўночна-заходніх губернях належыла купцам і мяшчанам.

Размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў па беларускіх губернях было вельмі нераўнамерным. У канцы 50-х гадоў на прадпрыемствах Гродненскай губерні працавала больш паловы ад усёй колькасці рабочых пяці паўночна-заходніх губерняў - 5112 рабочых з 97І4. У Магілёўскай губерні на прадпрыемствах было 1882 рабочых. На апошнім месцы знаходзілася Мінская губерня, на прадпрыемствах якой працавала 815 рабочых.

Найбольшых поспехаў у першай палове XIX ст. дасягнула суконная прамысловасць. Суконныя прадпрыемствы былі пастаўшчыкамі сукна для арміі, урад быў зацікаўлены ў іх развіцці. У цыркуляры міністра ўнутраных спраў у 1808 г. указвалася на неабходнасць павелічэння колькасці суконных мануфактур у Беларусі. Для заахвочвання прадпрымальнікаў апошнім даваліся дзяржаўныя пазыкі. Была таксама зроблена спроба дапамагчы ўладальнікам пераадолець цяжкасці ў найме працоўнай сілы. Міністр унутраных спраў Куракін рэкамендаваў выкарыстоўваць цяжкае матэрыяльнае становішча яўрэйскай беднаты, спрабаваць стымуляваць рознымі льготамі вольны наём; у выпадку ж няўдачы "прымушаць яўрэяў да найму на суконных фабраках". Адпаведна з указаннем Куракіна, віцебскі губернатар прапанаваў кагалам (яўрэйскім абшчынам) тэрмінова прадставіць імянныя спісы беднякоў, каб мець магчымасць "прыняць усе меры для адпраўлення іх на фабрыкі". Найбольш прыкметнымі поспехі суконнай прамысловасці сталі ў сярэдзіне XIX ст. У 1861-1863 гг. у пяці паўночна-заходніх губернях налічвалася ўжо 64 суконныя прадпрыемствы, на якіх працавала звыш 51 тыс. рабочых, якія выпускалі амаль на 3 млн. руб прамысловай прадукцыі. Суконная прамысловасць была ў асноўным сканцэнтравана ў Гродзенскай губерні, дзе ў гэты час знаходзілася 55 прадпрыемстваў, на якіх працавала 85,5 % рабочых.

У 1857 г. у пяці беларускіх губернях было 7 прадпрыемстваў (усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні), на іх працавала 1 444 чалавек, якія выраблялі штогод 441 630 аршын воўны.

Сярод заводаў Беларусі значнае месца займалі папяровыя, шкляныя, чугунныя, медзеплавільныя, жалезаапрацоўчыя, цагельныя і інш.

Жалезаапрацоўчыя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне. Жалеза здабывалі з балотнай руды. Шкляная прамысловасць была найбольш развітой у Магілёўскай губерні, дзе знаходзілася 8 з 14 заводаў, якія існавалі у Беларусі. На іх працавала 433 рабочых і выпускалася больш 90% усёй прадукцыі шкляной прамысловасці.

У 30-я годы частка прадпрымальнікаў стварае новыя цукровыя прадпрыемствы. "Цукровая гарачка" на Беларусі пачалася галоўным чынам у Мінскай і Магілёўскай губернях. У 1833 г. у Карэлічах пачаў працаваць цукравы завод. На заводзе працавала 150 рабочых. У Бабруйскім павеце ў маёнтку Дабосна на цукровьм заводзе памешчыка Булгака ў 1839 г. у мэтах садзейнічання развіццю цукровай прамысловасці ў Бабруйску было арганізавана спецыяльнае таварыства, устаў якога быў зацверджаны Камітэтам міністраў.

Цукровыя заводы ў асноўным грунтаваліся на вольнанаёмнай працы і некаторыя з іх мелі паравыя рухавікі. На цукровым заводзе памешчыка Скірмунта ў Парэччы Пінскага павета быў паравы рухавік, а ўсе рабочыя былі вольнанаёмныя (толькі на палях, дзе вырошчвалі буракі, працавалі прыгонныя). Завод вырабляў 900 пудоў цукру ў год.

У 1857 г. на Беларусі дзейнiчала 13 цукровых заводаў, якія штогод выраблялі 12,5 тыс. пудоў цукру. На іх працавала 1 164 рабочых. Цукар, які вырабляўся на прадпрыемствах Беларусі, прадаваўся не толькі на мясцовым рынку, але вывозіўся таксама і ў Маскву.

Аднак "цукровая гарачка" працягвалася нядоўга. Неакрэплыя цукровыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы з больш буйнымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Польшчы і ў сярэдзіне 60-х гадоў ХIX ст. спынілі сваё існаванне.

Нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі першай паловы XIX ст., у параўнанні з агульнарасійскай яе памеры былі нязначнымі, а тэмпы развіцця - надзвычай маруднымі.

Працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін знайшоў сваё адлюстраванне ў змяненні складу насельніцтва Беларусі, у росце долі гарадскіх жыхароў.

У 1825 г. у пяці беларускіх губерніях вызначылiся 69 гарадоў. Найбольш буйнымі гарадамі былі Вільна, Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. У 59-ці гарадах колькасць жыхароў было меней 5 тысяч, па даных Цэнтральнага статыстычнага камітэта гарадское насельніцтва ўзрасло ў 1861 г. да 655,3 тыс. жыхароў супраць 261,4 тыс. у 1825 г. Гарады раслі як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з памешчыцкіх маёнткаў.70-80% гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры), дваранства і духавенства - 6-7%, купецтва - 2-2,5%. У першай палове XIX ст. гарады яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці, у іх працягвалі развівацца гандаль і рамяство.

Гандаль на Беларусі развіваўся пераважна ў форме кірмашоў. Так, у Гродзенскай губерні налічвалася 43 ярмаркі. На самай буйной з іх - Зэльвенскай - гадавы гандлёвы абарот перавышаў 1 млн. рублёў. Сярод буйных кірмашоў Беларусі вылучалiся таксама Любавіцкая ў Магілёўскай губерні і Мінскія кантракты. Усяго на Баларусі праходзіла каля 200 кірмашоў. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але і з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай губерніяў, Украіны, Польшчы, Прусіі і г. д. У Беларусь увозілі воўну, металічныя вырабы, галантарэю і г. д. Цікава адзначыць паступовае змяненне асартыменту прывезеных тавараў. Напрыклад, на Стаўпянскую прыстань у І827 г. прывозілі пераважна прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі, дарагое віно, а ў 50-х гадах выгружалі пераважна чугунныя вырабы, свінец, волава, паперу; у 1860 г. было выгружана на прыстань 19,7 тыс. пудоў чугуну.

У развіцці гандлю важную ролю адыгрывалі судаходныя рэкі Бярэзіна, Прыпяць, Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія звязвалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. Транспартныя перавозкі дасягнулі значных памераў. У 1861 г. у Магілёўскай губерні па Дняпру і Сожы прайшло 1 082 судна, 441 плыт, на якіх было занята 17 тыс. рабочых. У Гродзенскай губерні па суднаходных рэках прайшло 5 531 судна і 7 584 плыта, 772 суднарабочых перавезлі тавараў на 8 563, 5 тыс. руб., у Віленскай губерні прайшло 3 230 судоў, 2 441 плыт; на іх было занята 18 991 чалавек і загружалася тавару на 4 471 тыс. руб. Праз Рыгу, Гданьск, Кенігсберг адпраўляліся велізарныя баржы з таварамі з Беларусі за мяжу.

Вывазны гандаль Беларусі асабліва пашыраецца ў 40-50-я гады, калі ўзняліся сусветныя цэны на збожжа. Пра яго ажыўленне сведчыць павелічэнне вывазу збожжавых культур за апошнія пяць год перад рэформай. Так, калі ў 1856 г. з Беларусі вывезена жыта 73, аўса 92, ячменю 39 тыс. чвэрцей, то у І86І г. адпаведна: 318, 447, 154 тыс. чвэрцей. Такім чынам, за пяць год вываз збожжа з Беларусі павялічыўся ў 1,5 раза. Гэтаму спрыяла і паляпшэнне сродкаў сувязі, будаўніцтва дарог. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз тры беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую. Важную ролю ў гандлёвых перавозках адыгрывалі рэкі і каналы. На іх знаходзілася да 85 прыстаняў. У 1804-1805 гг. скончылася будаванне Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Дняпро з Заходвяй Дзвіной, Нёманам і Віслай. Хоць прапускная магчымасць гэтых каналаў была малой, яны ўсё ж мелі вялікае транспартнае значэнне.

Але развіццё гандлю было цесна звязана са станам прамысловасці, сельскай гаспадаркі, плацёжаздольнасці насельніцтва. Феадальна-прыгонная сістэма скоўвала развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, абмяжоўвала пашырэнне ўнутранага рынку.

Знішчэнне прыгонных адносін з'яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця.


Спіс крыніц і літаратуры

1.  Шыбека З.В. Гарады Беларусi (60-я гады XIX - пачатак XX ст.). Мн., 1997.

2.  Белоруссия в эпоху капитализма: Сб. док. и материалов: В 3 т. Мн., 1983 - 1990. Т.1 - 2. Мн., 1990.

3.  Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т.2. (1772 - 1903 гг.). Мн., 1940.

4.  Документы и материалы по истории Белоруссии. Мн., 1953. Т.3.

5.  Фiлатава А. Дваранства на Беларусi ў канцы XVIII - XIX cт. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1997. №4.

Сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі ў канцы ХIХ ст. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад паўночна-заходняга рэгіёну Расійскай імперыі. Згодна адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу 1802 года, Беларусь была ў с

 

 

 

Внимание! Представленный Реферат находится в открытом доступе в сети Интернет, и уже неоднократно сдавался, возможно, даже в твоем учебном заведении.
Советуем не рисковать. Узнай, сколько стоит абсолютно уникальный Реферат по твоей теме:

Новости образования и науки

Заказать уникальную работу

Похожие работы:

Сербо-хорватский конфликт 1991-1995 годов
Социально-экономическое развитие стран Западной Европы и США в ХIХ – начале ХХ
Франция при Филиппе IV Красивом. Централизация страны
10-th century in English history
Александр I (1777-1825) - российский император с 1801 г.
Анализ Бородинского сражения
Быт и нравы московских дворян в эпоху Домостроя
Внутренняя и внешняя политика России при преемниках Петра Великого (вторая четверть XVIII в.)
Українська Народна Республіка та діяльність Директорії
Місто Славута в роки Другої Світової війни

Свои сданные студенческие работы

присылайте нам на e-mail

Client@Stud-Baza.ru